BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Бельску прайшоў 31-ы фестываль “Спасаўскія запусты”

Традыцыйна фестываль “Спасаўскія запусты” ладзіцца ў апошнія выходныя перад Успенскім постам, які ў мясцовай традыцыі называецца Спасаўкай, бо на гэты перыяд прыпадаюць тры праваслаўныя святы – Спасы.

У Бельску-Падляшскім на фестывалі “Спасаўскія запусты”.

Фестываль, як і яго назва, моцна знітаваны з лакальнай беларускай традыцыяй.

Кажа віцэ-стараста Бельскага павета Пётр Божка:

– Гэта не толькі фестываль, гэта не толькі музыка, танец і забава. Мы засведчылі ўжо і ў мінулых фестывалях, што хочам паказваць культуру, фальклор, традыцыю і гісторыю нашых людзей, нашых вёсак і Бельска, што яна беларуская, што яна праваслаўная. І ў гэтай шырокай польскай культуры – гэта наша беларуская частка, для нас важная, але думаю, што і для ўсіх нармальных людзей важная.

У Бельску-Падляшскім на фестывалі “Спасаўскія запусты”.

Спасаўскія запусты доўжацца тры дні. Раней яны былі доўгачаканым святам, дзе паказвалі сваё, роднае і зразумелае для такіх жа сваіх гледачоў. Цяпер ёсць частка людзей, адарваная ад каранёў і культуры. Частка з іх не жыве на штодзень на Бельшчыне, не валодае сваёй простай гаворкай, не ведае сваіх традыцый. У такіх умовах фестываль набывае новую функцыю – падтрымліваць памяць пра традыцыю.

Кажа прадстаўнік Бельскай кааліцыі і шматгадовы дырэктар пачатковай школы з беларускай мовай навучання ў Бельску Падляшскім Васіль Ляшчынскі:

– Думалі з нагоды сёлетніх «Спасаўскіх запустаў» зрабіць нейкі агляд творчасці. Я быў за агляд дакументальных фільмаў пра Беласточчыну, асабліва пра беларускую меншасць. Бо вёска наша гіне, таму гіне і ўсё беларускае, што тут было нашае. Мы хочам каб крыху гэта затрымаць. Я думаю, гэта вельмі вялікая бяда, бо можа і памяць загіне пра нашыя карані, пра нашых бацькоў, дзядоў і традыцыі.

У Бельску-Падляшскім на фестывалі “Спасаўскія запусты”.

Калі сваёй лакальнай культурай цікавіцца моладзь, у гэтай культуры ёсць будучыня. У гэтым перакананыя ўсе арганізатары фестывалю, таму заахвочваюць да ўдзелу маладых людзей, якія цікавяцца фальклорам і рамёствамі Бельшчыны. Сёлета такой важнай падзеяй была выстаўка Анны Алясюк-Савіцкай – маладой ткачыхі, якая вывучае традыцыі вёскі Рэдуты.

Кажа дырэктарка Бельскага дома культуры Альжбета Фіёнік:

– Хочам паказаць, што і маладыя паважаюць традыцыі, яны выцягваюць з традыцый нешта сабе. Яна, напрыклад, тчэ, але дадае гэты арнамент да торбаў, як бы спалучае з сучасным тое, што было раней. Гэта вельмі добра. Таксама з фільмамі, паказваем традыцыі, паказваем нашых людзей з Бельска, аўтарства нашых Пятра Лазавіка, Марка Уладзімірава, Юркі Каліны. Таму на «Спасаўскіх запустах» ёсць і старыя і маладыя.

Сёлета ў рамках фестывалю прайшоў таксама паказ фільма Юркі Каліны «Наша памяць» і традыцыйны канцэрт, у якім не было ніводнага калектыву з Беларусі. Чакалі ў госці ансамбль «Кірмаш», але з Беларусі ў Польшчу цяпер вельмі цяжка дабрацца. Таму музыкі не здолелі даехаць на час, прастаяўшы на мяжы 3 дні. На гэты раз выступілі нешматлікія госці з Гайнаўкі і Белавежы. А асноўную частку канцэрта традыцыйна падрыхтавалі самі бяльшчане – «Васілёчкі», «Луна», «Куранты», «Маланка», «Ярына» ды іншыя.

Цалкам матэрыял:

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя