BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У BYSOL расказалі, як беларусаў робяць невыязнымі пасля вяртання ў краіну

У Службе эвакуацыі BYSOL расказалі, як беларусаў робяць невыязнымі пасля вяртання ў краіну. Адным з такіх выпадкаў падзяліўся з «Белсатам» чалавек, які сам апынуўся ў такой сітуацыі. На шчасце, пакарання ў Беларусі яму ўдалося пазбегнуць.

Прадстаўнік BYSOL пацвердзіў гэты выпадак і зазначыў, што такія гісторыі здараюцца рэгулярна. «Даходзіць далёка не ўся інфармацыя, але тое, пра што мы ведаем, – гэта даволі вялікія лічбы. У месяц можам даведвацца да 10 чалавек, якія ездзілі-ездзілі, а потым іх не выпусцілі», – распавёў прадстаўнік службы эвакуацыі Bysol Фёдар.

Паводле яго слоў, BYSOL ужо больш за год рэгулярна чуе пра гісторыю, калі чалавек не жыў у Беларусі, але часта прыязджаў без праблем і ў пэўны момант не змог выехаць з-за афіцыйнай забароны. Так адбываецца з-за асаблівасцей працы сістэмы сілавікоў. «Маецца на ўвазе, што чалавек праязджае мяжу і высвечваецца ў базах штораз. У той жа час у аператыўнікаў вядуцца крымінальныя справы на шмат тысяч чалавек адначасова па справе тых самых пратэстаў. І ў пэўны момант супадае, што даходзіць чарга да канкрэтнага чалавека – і ён высвечваецца ў базах, калі перасякае мяжу. Тады чалавек трапляе ў спіс невыязных». Ёсць яшчэ адзін сцэнар, калі чалавек ужо быў у спісе невыязных. У гэтым выпадку таксама можна заехаць у Беларусь без праблем. «Калі ён быў у вышуку, яго б адразу затрымалі. Забарона на выезд азначае, што чалавек умоўна вольны: у межах Беларусі. Сярод кейсаў часцей за ўсё з забаронай на выезд сутыкаюцца асобы, якія бралі ўдзел у акцыях пратэсту, і маладыя людзі прызыўнога ўзросту», – распавёў прадстаўнік BYSOL.

Там рэкамендуюць не ездзіць у Беларусь, калі вам можа пагражаць небяспека ці ёсць падазрэнні на гэты конт.

Беларускае Радыё Рацыя