
архіепіскап Святаслаў Логін
Зарэгістраваць у Чарнігаве (Украіна) місію Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы плануе архіепіскап Святаслаў Логін. “Паводле канонаў мы не можам адкрыць беларускую парафію ў Чарнігаве, бо гэта кананічная тэрыторыя ўкраінскай памеснай царквы. Але місію, нешта такое кшталту амбасады — можам і цяпер клапоцімся пра гэта. Хочацца, каб гэта было афіцыйна, каб місія была зарэгістраваная”, — заявіў святар у інтэрв’ю “Позірку”.
“Мы пастаянна збіраем дапамогу беларускім ваярам, зыходзячы з іх патрэб. Збіраем і ў ЗША, і ў Канадзе, зімой збіралі і тут, у Чарнігаве, сярод украінцаў. Сітуацыя склалася так, што ўкраінцы дапамагаюць украінцам, а мы мусім дбаць пра нашых беларусаў”, — распавёў Логін.
Акрамя таго, ладзіліся сустрэчы з дэпутатамі, бізнесменамі, якія хочуць падтрымаць беларусаў. Логін нарадзіўся ў 1964 годзе ў Чарнігаве, у сям’і з беларускімі каранямі, з-пад Наваградка. Служыць у ЗША. У лістападзе 2020 года абвясціў анафему Аляксандру Лукашэнку.






