У цэнтры Рыгі 16 студзеня адкрылася арт-інсталяцыя “Нязломныя”, прысвечаная палітзняволеным праваабаронцам “Вясны” Валянціну Стэфановічу, Алесю Бяляцкаму, Уладзю Лабковічу, Марфе Рабковай, Андрэю Чапюку, якія былі пакараныя за дапамогу людзям у адстойванні сваіх правоў і годнасці.
Арт-інсталяцыя ўжо была паказаная ў Бруселі, Капенгагене, Берліне, Познані і Вільні.


Фота: Dmitrijs Suļžics/MN
Інсталяцыя ўяўляе сабой выкананыя з металу партрэты пецярых палітвязняў, праваабаронцаў «Вясны». Яе ў межах кампаніі салідарнасці са зняволенымі #FreeViasna стварыў беларускі мастак, які знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі ў Еўропе.

Фота: Dmitrijs Suļžics/MN
Адкрыццё арт-інсталяцыі #FreeViasna адбылося пры падтрымцы Асацыяцыі беларусаў і беларусак Латвіі Supolka. У яе адкрыцці прынялі ўдзел віцэ-мэр Рыгі Лінда Озала, намеснік старшыні парламенцкай групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі Юрыс Вілюмс, дырэктарка латвійскага музея акупацыі Салвіта Віба, прадстаўніца Праваабарончага цэнтра «Вясна» Любоў Ланіна. На адкрыцці таксама прысутнічалі прадстаўнікі Парламенцкай групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, якая працуе ў Сейме Латвіі, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Латвіі, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі, прадстаўнікі амбасады Францыі ў Рызе.

Фота: Dmitrijs Suļžics/MN
Наведаць інсталяцыю «Нязломныя» можна да 16 лютага каля Музея акупацыі на плошчы Latviešu strēlnieku laukums.






