Падсумоўваючы вынікі конкурсу “Падляшша ў аб’ектыве”, фатограф і журналіст Томаш Класоўскі паразважаў пра тэндэнцыі ў фотамастацтве.

Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў і адкрыццё выставы адбылося 17 снежня ў беларускім музеі і цэнтры культуры ў Гайнаўцы:
– Усе рэгіёны Польшчы маюць тую ж праблему, што свет змяняецца. У сувязі з гэтым цяжка захаваць адметнасці. На Падляшшы гэтыя змены вельмі заўважныя. Усё ідзе ў бок стандартызацыі, асабліва ў архітэктуры. Штораз цяжэй зрабіць добрае фота, каб яно было выразна падляшскім.
На сёлетні конкурс было даслана больш за чатырыста фатаграфій. Удзельнічала больш за 150 фатографаў з усёй Польшчы.
Першую прэмію атрымаў Павел Боўтручук з Гайнаўкі за серыю фотаздымкаў — партрэтаў самотных жанчын.
Другую прэмію атрымаў Міхал Сасьніцкі з Завоя, трэцюю — Яраслаў Якубчак з Крынак.
Арганізатарам конкурсу з’яўляецца Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы. Фотаконкурс “Падляшша ў аб’ектыве” ладзіцца з 2005 года. Традыцыйна, работы ўдзельнікаў выстаўляюцца ў Беларускім музеі ў Гайнаўцы. Пазнаёміцца з экспазіцыяй можна будзе да снежня наступнага года.

Беларускае Радыё Рацыя






