
Увечары 22 сакавіка ў залі будынку Гайнаўскага музея прайшлі прагляд дакументальнага фільма і сустрэча з яго галоўным героем, арганізаваныя Bulvbamovie пры інфармацыйнай падтрымцы нашага радыё. На спатканне з мясцовымі жыхарамі прыехалі адзін з лідараў беларускай дэмакратычнай апазіцыі Андрэй Саннікаў і адзін з стваральнікаў фільма Ірэніюш Пракапюк. Вёў сустрэчу журналіст Уладзімір Хільмановіч.

Андрэй Санннікаў другі раз у сваім жыцці наведаў Гайнаўку. Першы раз ён быў тут яшчэ ў пачатку 1990-ых гадоў, калі прыязджаў у складзе дыпламатычнай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь.
Андрэй Саннікаў быў адным з тых, хто закладаў падмуркі беларускай суверэннай дыпламатыі. У 1996 годзе ён звольніўся з пасады намесніка міністра замежных спраў на знак пратэсту супраць антыканстытуцыйнага рэферэндума. У 2010 годзе быў самым моцным дэмакратычным кандыдатам у выбарчай прэзідэнцкай кампаніі. Па словах палітыка, тады з’явіўся рэальны шанец перамагчы Лукашэнку і скіраваць краіну да нармальнага развіцця. Аднак улады жорстка задушылі Плошчу-2010 года.
Пасля прагляду дакументальнай стужкі “Такога кшталту надзея” адбылося абмеркаванне тых грамадска-палітычных падзей, якія адлюстраваны ў фільме, а таксама рэалій сённняшняга дня. Значная частка пытанняў датычыла 2010 года, калі быў рэальны гістарычны шанец на змену ўлады. У абмеркаваннях закраналіся тэмы ролі асобы ў гісторыі, браку паслядоўнасці палітыкі заходніх дзяржаваў і крызісу лідараў, рэальных санкцый, якія павінны ставіць на мэце найперш вызваленне палітвязняў.
Напрыканцы сустрэчы прысутных чакаў прыемны музычны сюрпрыз – з песнямі на сербалужыцкай мове выступіў скрыпач Пауль, якога прывёз у Гайнаўку Пётр Дудановіч. Музыка выступае пад псеўданімам “Geigerzähler” (“Лічыльнік Гайгера”).






На Падляшшы адбудуцца яшчэ дзве такія прэзентацыі фільма і сустрэчы – у суботу 23 сакавіка прагляд і абмеркаванне пройдзе ў Беластоку (пачатак а 18-й гадзіне ў кінатэатры “Форум” па вуліцы Легіяновай-5), а ў нядзелю 24 сакавіка – у Бельску (пачатак а 16-й гадзіне) у Доме культуры. Запрашаюцца ўсе ахвотныя.
Беларускае Радыё Рацыя