Для выпускнікоў Гайнаўскага ліцэя з дадатковым навучаннем беларускай мовы сёння, 17 студзеня, прайшла стаднёўка. Гэта значыць, што да пачатку выпускных экзаменаў засталося 100 дзён. На свяце па запрашэнні прысутнічаў Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Як паведамляе тэлеграм-канал АПК, у сваёй прамове Латушка адзначыў, што дэмакратычная Беларусь і беларусы заўсёды будуць падтрымліваць беларускую меншасць у Польшчы, якая захоўвае беларускія традыцыі.
Таксама Латушка адзначыў, што ўпершыню ў гэтым Гайнаўскім ліцэі ён прысутнічаў у якасці віцэ-консула Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку ў 1997 годзе. Пазней быў як амбасадар, як міністр культуры Беларусі. А сёння, як намеснік кіраўніцы Кабінета і абраны дэлегат Каардынацыйнай Рады, Павел Латушка адзначыў, што мае гонар прывітаць усіх беларусаў, якія шануюць беларускую традыцыю і культуру.

«Нас аб’ядноўвае агульнае — беларускасць. І беларускія дэмакратычныя сілы, Аб’яднаны Пераходны Кабінет заўсёды будуць падтрымліваць беларусаў у Польшчы», — адзначыў Павел Латушка.
Фота: t.me/CabinetBelarus






