На 67-ы дзень бесперапынных акцый пратэсту паліцыя пачала затрымліваць грамадзян на ўездзе ў Тбілісі, каля гандлёвага цэнтра Tbilisi Mall, прыкладна, а 18:00 — у гэты час рух па трасе не быў перакрыты, паведамляе Грузінская служба Свабоды.

Па стане на 18.48 затрыманыя больш за дзясятак чалавек. Сярод затрыманых вядомыя мясцовыя палітыкі Гігі Угулава, Ніка Мелія, Георгі Кіртадзэ і Тэнго Тэўзадзэ. У момант, калі пачаліся затрыманні грамадзян, участак дарогі быў часткова заняты паліцыяй, грамадзяне займалі толькі адну паласу.
Пасля абвяшчэння гэтай акцыі ўлады хутка прынялі закон, паводле якога за блякаванне дарог прадугледжана крымінальнае пакаранне. Перад акцыяй МУС вынесла пратэстоўцам два папярэджанні.
У кастрычніку 2024 году кіроўная прарасейская партыя «Грузінская мара» абвясціла пра перамогу на парламенцкіх выбарах у Грузіі. Грузінская апазіцыя не прызнае вынікаў гэтых выбараў і заяўляе пра фальсіфікацыі. У лістападзе 2024 году заява грузінскага ўраду пра прыпыненні да 2028 года перамоваў пра ўступленні Грузіі ў ЕЗ выклікала масавыя пратэсты, на якія ўлады адказалі рэпрэсіямі.
Фота: ТАСС






