Расея атакавала інфраструктуру Украіны. У Кіеве ў суботу экстрана адключалі святло, цяпло і ваду. Гэта звязана з наступствамі расейскіх удараў па энергетычнай інфраструктуры і як вынік — перагрузкі сістэмы. 400 тысяч сем’яў засталіся ў такіх умовах у дзесяціградусны мароз. Пасля рамонтных работ цеплазабеспячэнне часткова аднавілі.

Пасля з’явіліся паведамленні аб аднаўленні энергазабеспячэння ў большай частцы Кіева.
Мэр Віталій Клічко заклікаў ашчаджаць электрычнасць і не карыстацца прыборамі, для якіх яе трэба шмат, каб не выклікаць перагрузкі сістэмы, пашкоджанай расейскімі абстрэламі. Таксама ён папрасіў часова пераехаць за горад кіяўлянаў, якія маюць там свае дамы з альтэрнатыўнымі крыніцамі цяпла. У Кіеве днём было не вышэй за —10°C, уначы прагназуюць да —16́°.
Украіна ж атакавала нафтабазу «Жутаўская» ў Валгаградскай вобласці Расеі, паведаміў генштаб Узброеных сілаў. Раней пра пажар ад падзення частак збітага дрона паведаміў і губернатар Валгаградскай вобласці.
* * *
Паветраныя сілы Украіны паведамілі, што агулам у ноч на 11 студзеня Расея запусціла больш за 150 беспілётнікаў над Украінай,
У ноч на 11 студзеня расейцы атакавалі аб’екты крытычна важнай інфраструктуры ў Жытомірскай вобласці, двое рабочых атрымалі раненні. Як паведамляюць украінскія СМІ, мясцовым жыхарам рэкамендуюць адключаць абсталяванне, адчувальнае да перанапружання.
Як паведамляе агенства УНІАН, цяпер самая складаная сітуацыя са святлом за гэтую зіму. У Кіеве расейцы атакавалі генерацыю ў момант моцных халадоў – калі нагрузка на энергасістэму самая высокая. У Кіеўскай вобласці да наступстваў атакі дадаліся сур’ёзныя пашкоджанні сетак з-за непагадзі.
Нагадаем, Рада бяспекі ААН правядзе экстранае пасяджэнне ў панядзелак, 12 студзеня. Украіна запытала скліканне Рады бяспекі пасля масіраванага абстрэлу Расеі ў ноч з 8 на 9 студзеня і паведамленняў Масквы аб прымяненні ракеты “Арэшнік”.






