BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Кіеве прайшла акцыя польскіх валанцёраў

Сёння, 3 лютага, у Кіеве прайшла акцыя, падчас якой польскія валанцёры раздавалі гарачы суп — польскі журэк — жыхарам сталіцы Украіны.

У Кіеў было дастаўлена каля 1000 літраў журэку, які прыгатавалі і прывезлі з Кракава.

Суп раздавалі ў Пунктах нязломнасці — месцах, дзе жыхары Кіева могуць сагрэцца, атрымаць гарачую ежу і мінімальную дапамогу падчас маразоў і праблем з ацяпленнем. Асабліва шмат такіх пунктаў працуе ў Дзеснянскім раёне. Людзі маглі з’есці суп на месцы ў цёплых намётах або ўзяць з сабой — некаторыя прыходзілі са сваім посудам.

Гуманітарную акцыю «Цёплы суп для Кіева» арганізавалі кракаўскія актывісты —Лукаш Вантух разам з Бартламеем Шчочажам, які таксама з’яўляецца ўладальнікам кракаўскага рэстарану Tawerna La Capitana. Пра акцыю распавядае Бартламей Шчочаж і ўкраінка Інэс, якая ўжо 15 гадоў жыве ў Польшчы:

– Ідэя гэтай акцыі належыць пану Бартку. Ён быў ініцыятарам і ўсё гэта прыдумаў. Яны пачулі пра масавыя атакі і вырашылі прыехаць. Бартэк мае рэстаран у Кракаве. Ён ужо 10 гадоў прымае ўдзел у такіх акцыях, і многіх быў ініцыятарам.

– Шмат палякаў спрыялі гэтай акцыі, дапамагалі. Разам рабілі зборы. Дапамагалі гатаваць.

Для гатавання супу польскія валанцёры і актывісты сабралі сродкі ў Кракаве на інгрэдыенты для прыкладна 4000 порцый журэку, а таксама на патрэбныя рэчы — цёплыя коўдры, ліхтарыкі і батарэйкі, якія таксама планавалі адвезці ў Кіеў для дапамогі людзям у ацяпляльны сезон. Гатаванне супу пачалося яшчэ 30 студзеня, пасля чаго гатовую страву замарозілі, каб у Кіеве яе можна было сістэмна разагрэць і раздаваць людзям.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя