BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Кіеве развіталіся з Пшэмыславам Расевічам-Кучынскім, які ваяваў у палку Каліноўскага

У сталіцы Украіны, Кіеве, у аўторак адбылося развітанне з грамадзянінам Польшчы беларускага паходжання Пшэмыславам Расевічам-Кучынскім, жаўнерам беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага і Міжнароднага легіёна, што загінуў на фронце ў вайне з Расеяй.

«Пшэмек аддана змагаўся за права Украіны на свабоду», «Дзякуем табе за тое, што біўся за наша жыццё і будучыню Украіны», — сказалі на цырымоніі.

Развітанне, на якое прыехала сям’я загінулага з Польшчы, прайшло пры ўдзеле вайсковай ганаровай варты Узброеных сіл Украіны на Байкавых могілках — найбуйнейшым некропалі ўкраінскай сталіцы. Прысутнічалі прадстаўнікі польскай дыпламатыі ва Украіне.

На труне з целам ваяра ляжалі тры сцягі: беларускі, польскі і ўкраінскі. На заканчэнне прагучалі гімны Украіны і Польшчы і беларуская патрыятычная песня «Пагоня». На чэсць Расевіча-Кучынскага прагрымеў ганаровы залп.

36-гадовы Пшэмыслаў Расевіч-Кучынскі быў грамадзянінам Польшчы з беларускімі каранямі. Ён нарадзіўся ў 1988 годзе, атрымаў адукацыю і вырас у Гдыні. Вядомы сваёй грамадскай дзейнасцю і валанцёрствам. У верасні 2022 года пайшоў у полк Кастуся Каліноўскага добраахвотнікам. Ён браў удзел у баях за Бахмут, Арыхаў, Харкаў і Часіў Яр.

Загінуў 6 жніўня пры выкананні баявога задання. Згодна з яго апошняй воляй, ён будзе пахаваны на вайсковых могілках на Марсавым полі ў Львове. Сёння там адбудуцца пахавальныя цырымоніі.

Заява палка Каліноўскага

Падчас выканання баявых абавязкаў трагічна загінуў наш баявы пабрацім, грамадзянін Польшчы, Пшэмыслаў “Кордзіян” Расевіч.

Ён меў беларускія карані, таму не выпадкова абраў на пачатку сваёй службы ва Украіне Полк Каліноўскага. Валодаў беларускай мовай і цікавіўся нашай гісторыяй і культурай, лічыў Беларусь сваёй другой бацькаўшчынай.

“Кордзіян” паспеў прайсці немалы баявы шлях і ўсяляк намагаўся дапамагаць беларускім добраахвотнікам ва Украіне.

Героі не паміраюць! Жыве Беларусь! Niech Żyje Polska! 

Беларускае Радыё Рацыя