У ноч на нядзелю, 17 сакавіка, на адным з заводаў у горадзе Славянск-на-Кубані ў Краснадарскім краі РФ узнік пажар у выніку атакі дронаў, паведамляе Telegram-канал Baza са спасылкай на інфармацыю ад мясцовых жыхароў.

“Відавочцы паведамляюць аб гуках выбухаў у Славянску-на-Кубані. Верагодна, была атака беспілотнікаў. На адным з мясцовых заводаў пачаўся пажар”, – напісаў канал.
Паводле версіі Мінабароны РФ, вялікая колькасць беспілотнікаў — 17 штук — была знішчаная ў Краснадарскім краі, дзе быў атакаваны нафтаперапрацоўчы завод у Славянску-на-Кубані.
Украінскія дроны працягваюць трапляць у расейскія НПЗ амаль за 1000 км углыб тэрыторыі. Раней дроны-камікадзэ пашкодзілі адразу два расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы ў Самарскай вобласці РФ, і гэта мінімум за 900 кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы Украіны. А ўвогуле за апошні час было зафіксавана пашкоджанне дронамі на 12 расейскіх НПЗ, паведамляе unian.net.






