У Літве памежнікі перахапілі дрон з кантрабанднымі цыгарэтамі, які заляцеў з Беларусі. Пра гэта паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Памежнікі пачулі гукі дрона недалёка ад беларускай мяжы. З дапамогай антыдроннага абсталявання беспілотнік пасадзілі.
«Да беспілотніка быў прымацаваны скрутак, абгорнуты чорнай поліэтыленавай плёнкай. Пасля дастаўкі апарата з грузам на памежную заставу і распакавання скрутка было налічана 1000 пачкаў цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі», — распавялі памежнікі. Агульны кошт цыгарэт 5380 еўра.
У Службе аховы дадалі, што сёлета памежнікі ўжо пасадзілі 11 дронаў кантрабандыстаў, з дапамогай якіх спрабавалі пераправіць нелегальныя цыгарэты з Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя






