BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Літве працягваюцца пошукі прапаўшых амерыканскіх вайскоўцаў

ФОТА: ŽYGIMANTAS GEDVILA | ELTA

У Літве на палігоне Падброддзе (Пабрадэ) працягваюцца пошукі прапаўшых амерыканскіх вайскоўцаў. Пра гэта інфармуе партал delfi.lt.

Маёр Літоўскага войска Кястуціс Піліпавічус сказаў, што дасягнуты прагрэс у пошуках. У пятніцу дакладна высветлена месца, дзе патапілася бранемашына, на якой былі жаўнеры.

Вайскоўцы працягваюць працу па выдаленні глею, каб дайверы маглі пачаць сваю частку аперацыі. «Заданне — ператварыць бруд у ваду, тады змогуць працаваць вадалазы. Праца працягваецца без перапынку», — сказаў Піліпявічус

«Сёння быў дасягнуты значны прагрэс. Калі ў суботу работа будзе весціся ў такім жа тэмпе, то прагрэс будзе яшчэ большы», — паведаміў прадстаўнік арміі ў каментары LRT.

«Паводле маёй інфармацыі, як нашы вадалазы, так і вайскоўцы саюзнікаў здольныя працаваць і ў дзённы, і ў начны час. Усё будзе залежаць ад таго, як будуць праходзіць работы па адпампоўванні бруду і глею», — падкрэсліў ён.

Дагэтуль дакладна невядома, ці амерыканскія жаўнеры загінулі, ці з імі здарылася нешта іншае.