BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Літве за два дні перахапілі 10 метэазондаў з кантрабандай

За апошнія двое сутак Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы перахапіла 10 метэазондаў, на якіх з Беларусі было дастаўлена 12,3 тысячы пачкаў кантрабандных цыгарэт. Таксама былі затрыманыя 8 чалавек, паведамляе прэс-сакратар службы Гедрус Мішуціс у каментары для агенцтва Elta, піша LRT.

Фота: VSAT

«За два дні былі затрыманыя 8 чалавек. 6 з іх затрымалі ў адзін дзень, яшчэ двох — на наступны. Суд падаўжыў тэрмін утрымання пад вартай для шасці затрыманых на месяц, пытанне па астатніх двух яшчэ будзе разглядацца», — расказаў Мішуціс.

Да паветраных шароў, як звычайна, было прымацавана GPS-прылада.

Паводле дадзеных Службы аховы дзяржаўнай мяжы, сёлета ўжо затрымалі 115 чалавек, падазраваных у дачыненні да паветранай кантрабанды.

«Усяго ў гэтым годзе памежнікі перахапілі больш за 1 мільён 340 тысяч пасылак, якія трапілі ў Літву з Беларусі паветраным шляхам. У гэтую статыстыку ўваходзяць і грузы, дастаўленыя з дапамогай дронаў, але асноўную частку складаюць паветраныя шары», — адзначыў Мішуціс.

У мінулым годзе па паветры было перахоплена 604 тысячы пачкаў кантрабандных цыгарэт, а затрымана 46 падазраваных. У 2025 годзе гэтыя паказчыкі ўжо больш чым удвая перавышаюць леташнія.

У апошні час работа Віленскага аэрапорта некалькі разоў перапынялася з-за паветраных шароў, што заляцалі з тэрыторыі Беларусі.