З больш чым 600 метэазондаў, зафіксаваных сёлета, літоўскія памежнікі перахапілі больш за 70. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Літвы Гедрус Мішуціс, піша BNS.

«Сёлета ўжо зафіксавана больш за 600 шароў, якія падняліся ў паветра, – сказаў ён. – Больш за 70 з іх былі перахопленыя». Паводле яго слоў, усе шары ляцелі з Беларусі. Не кожны шар, што перасякае мяжу, удаецца выявіць, але ва ўсіх знойдзеных утрымліваліся кантрабандныя цыгарэты.
Па словах Мішуціса, гэта не азначае, што ўсе паветраныя шары, якія не былі перахопленыя, трапляюць да кантрабандыстаў. Некаторыя з іх узрываюцца і падаюць. Толькі ў верасні памежнікі перахапілі 250 метэаралагічных шароў, у той час як летась такіх выпадкаў было тры, а ў 2022 годзе – ніводнага.
Увагу грамадскасці прыцягнула тое, што адзін такі шар прызямліўся на тэрыторыі Віленскага аэрапорта. Яшчэ два такія шары былі знойдзеныя на тэрыторыі вайсковага батальёна ў Алітусе і на яшчэ адной неназванай ваеннай тэрыторыі ў Віленскім раёне.