У Люблінскім акруговым судзе 10 студзеня пачаўся судовы працэс над 53-гадовым грамадзянінам Беларусі Мікалаем М., якога падазраюць у шпіянажы.
Яшчэ аднаму абвінавачанаму, 59-гадоваму польскаму грамадзяніну, інкрымінуюць дапамогу беларусу. Пра гэта піша партал «Зеркало».
Мікалай М. абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць беларускіх спецслужбаў з 2018 па люты 2023 году. Паводле дадзеных следства, ён вёў выведку ў раёне вайсковага аэрадрому ў Белай Падляшскай, збіраў інфармацыю пра дзеянні польскай вайсковай авіяцыі, чыгуначную інфраструктуру і перамяшчэнні тэхнікі.
Таксама мужчына, як сцвярджаецца, здабываў звесткі пра аб’екты і транспарт польскага Агенцтва ўнутранай бяспекі ў Белай Падляшскай.
На допыце Мікалай М. прызнаў сваю віну і пацвердзіў факты, выкладзеныя ў абвінавачанні. Ён пад арыштам з сакавіка 2023 году.
Другі абвінавачаны — Бэрнард Ш. Як лічыць следства, ён свядома дапамагаў беларусу, хоць і меркаваў, што той можа займацца шпіёнскай дзейнасцю. Бэрнард арганізаваў знаходжанне Мікалая ў Польшчы і даў яму жыллё. Польскі грамадзянін таксама прызнаў сваю віну.
Абвінавачаным пагражае не менш пяці гадоў пазбаўлення волі.
Беларускае Радыё Рацыя