У Львове ў Доме Вольнай Беларусі 29 кастрычніка адбылася жалобная імпрэза, прысвечаная трагічнай гадавіне «Ночы расстраляных паэтаў».

Менавіта ў гэтую ноч у 1937 годзе савецкая ўлада знішчыла квет беларускага адраджэння — больш за трыццаць пісьменнікаў, мысляроў, дзеячоў культуры.

Удзельнікі львоўскай сустрэчы чыталі вершы расстраляных, узгадвалі іх лёсы і значэнне для сучаснай Беларусі.
Пра тое, як праходзіла імпрэза, распавёў журналіст і праваабаронца Андрэй Мядзьведзеў:
– Ва Украіне зараз вайна, ваенны стан, і таму ладзіць нейкія масавыя мерапрыемствы на адкрытым паветры вельмі праблемна, трэба ўзгадняць з уладамі. Таму беларусы Львова вырашылі сабрацца ў Доме Вольнай Беларусі. Гэта такая ўстанова, дзе размешчаны музей «Вольная Беларусь з Украінай у сэрцы», які ўшаноўвае памяць беларусаў, загінуўшых у расейска-украінскай вайне, а таксама там ёсць зала, дзе праводзяцца розныя мерапрыемствы.

Апроч беларусаў на імпрэзу завіталі і людзі іншых нацынальнасцяў:
– Невялікая сустрэча атрымалася, даволі камерная, але ў той жа час незвычайным было тое, што акрамя беларусаў і ўкраінцаў, якія нас падтрымліваюць, патрапілі да нас выпадкова прадстаўнікі Ічкерыі, якія як раз знаходзілі ў Львове. Завязалася такая шчырая дыскусія, калі нашыя беларускія праблемы і чачэнскія неяк пераклікаліся.
Наступная сустрэча беларусаў, што жывуць на ўкраінскай Львоўшчыне, адбудзецца на Дзяды 2 лістапада, калі беларусы ўшануюць паўстанцаў Каліноўскага, што пахаваныя на Лычакіўскіх могілках.
Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя
Фота фб Андрэя Мядзьведзева






