BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Нараўцы прайшлі майстар-класы па белым спеве для настаўнікаў беларускай мовы

Штогод такое навучанне ладзіць у рамках спецыяльных праектаў метадыст Цэнтра адукацыі настаўнікаў у Беластоку і настаўнік беларускай мовы ў Гайнаўскім беларускім ліцэі Ян Карчэўскі. Дзякуючы яго намаганням выкладчыкі беларускай мовы з усіх школ на Падляшшы маюць магчымасць вучыцца ў экспертаў.

У мінулыя гады майстар-класы былі прысвечаныя беларускім танцам і школьнаму тэатру, а сёлета – падляшскай традыцыі белага спеву. Кажуць інструктарка, удзельніца ансамбля “Крэсоўкі” Ева Іванюк і арганізатар Ян Карчэўскі:

-Вельмі добра, калі пашыраюцца гарызонты. І для настаўнікаў гэта добрая магчымасць паглядзець штосьці новае, паспрабаваць пасьпяваць з дзеткамі. І гэта вельмі важна перадаваць дзецям, моладзі, каб яны цікавіліся традыцыямі.

-Я магу дабавіць, што гэта пакрысе адбываецца. Напрыклад, у нашым ліцэі ў гэтым годзе адбываліся майстар-класы па Калядных звычаях, былі ў нас таксама Велікодныя майстар-класы. Так што мы ўсё робім, каб культываваць, падтрымоўваць нашую спадчыну, нашую культуру.

Для многіх настаўнікаў гэта не проста магчымасць сустрэцца з экспертамі, навучыцца чамусьці новаму, але і цудоўная нагода разбурыць уласныя стэрэатыпы і паспрабаваць тое, чаго нібыта не ўмеюць рабіць. Кажа настаўніца Валя Бабулевіч:

-Мушу сказаць, што я спяваць не ўмею. А ўжо белы спеў гэта для мяне было нешта незразумелае, хаця я і захаплялася. І тут дзякуючы цудоўнай атмасферы і цудоўнай майстрысе, якая з намі працавала, зразумела, што белы спеў зусім не такі цяжкі.

Ян Карчэўскі спадзяецца, што наступныя майстар-класы пройдуць праз год. Чаму яны будуць прысвечаныя, традыцыйна вырашаюць самі настаўнікі, бо менавіта іх слова вырашае.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя