BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У «Новай Зямлі» адкрылася выстава-продаж працаў беларускіх рамеснікаў

У беластоцкім хабе «Новая Зямля» пачала працу выстава-продаж, дзе прадстаўлены творы беларускіх рамеснікаў з Беластоку і наваколля.

Імправізаваная крама стала магчымасцю для аўтараў паказаць і прадаць свае вырабы. Як адзначае адна з арганізатарак выставы Таццяна Савіч, ініцыятыва накіраваная на падтрымку лакальных майстроў і папулярызацыю беларускай культуры за межамі Беларусі.

– У нашай краме ёсць рэчы ад розных майстроў і майстрыц Беларусі. З беларускімі арнаментамі, беларускай сімволікай. Таксама ёсць і польскія сімвалы. Можна прыйсці ў любы час, набыць сувеніры – магніцікі, нейкія цішотачкі.

Таццяна адзначае, што крамка ўжо стала месцам, куды беларусы прыходзяць па падарункі.

– Пачалі прыходзіць людзі канкрэтна за падарункамі для сяброў, на народзіны, напрыклад, ці кудысьці едуць і хочуць прывезці знаёмым нейкі сувенір, якога нідзе не набудзеш. Я склала ў такія скрыні тэматычныя падарункі. Ці вы самі можаце прыйсці і выбраць, што вам спадабаецца.

Кожны наведнік хаба «Новая Зямля» ў Беластоку мае магчымасць азнаёміцца з вырабамі беларускіх рамеснікаў і набыць іх у падарунак. Крама-выстава працуе штодня з 10:00 да позняга вечара.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя