У кожнай памежнай гміне Польшчы, якая знаходзіцца каля мяжы з Расеяй, Літвой, Беларуссю і Украінай, будуць створаныя спецыяльныя месцы для захоўвання элементаў абароннай сістэмы «Усходні Шчыт». Гэта частка вялікага дзяржаўнага праекту, накіраванага на ўмацаванне бяспекі краіны і падвышэнне роўню гатоўнасці да магчымых крызісных сітуацый.

Пра новаўвядзенні днямі паведаміў намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Чэзары Томчык падчас прэс-канферэнцыі каля мяжы з Беларуссю.
Акрамя гэтага, у кожным памежным павеце плануецца стварэнне лагістычных хабаў. Гэтыя цэнтры будуць каардынаваць дзеянні розных службаў — ваенных, аварыйных і грамадзянскіх — для аператыўнага рэагавання на пагрозы. Там будуць канцэнтравацца тэхнічныя сродкі, транспарт і неабходнае абсталяванне.
Улады падкрэсліваюць, што мясцовы бізнес таксама будзе задзейнічаны ў рэалізацыі праекта. Грошы на будаўніцтва і арганізацыю лагістычных пляцовак пойдуць у рэгіёны, што прынясе дадатковыя працоўныя месцы і падтрымку эканоміцы памежных тэрыторый. Як адзначыў Чэзары Томчык, бяспека краіны пачынаецца з моцных памежных супольнасцяў.






