BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Польшчы абмяжуюць дапамогу на дзяцей для ўкраінцаў і не толькі, – Euractiv

Урад Польшчы плануе абмежаваць права на атрыманне дапамогі на дзяцей для імігрантаў і бежанцаў. Цяпер на выплаты для дзяцей змогуць прэтэндаваць толькі тыя замежнікі, якія працаўладкаваны ў Польшчы, піша Euractiv.

У студзені мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі, які балатуецца ў прэзідэнты Польшчы ад кіруючай партыі “Грамадзянская платформа”, заявіў на перадвыбарчым мітынгу, што, на яго думку, правілы, якія рэгулююць ільготы для мігрантаў і бежанцаў, павінны быць зменены такім чынам, каб права на іх мелі толькі тыя, хто жыве, працуе.

Прэм’ер-міністр Дональд Туск падтрымаў ідэю, заявіўшы, што ўрад яе вывучыць. Цяпер урад абяцае прадставіць канкрэтныя планы рэалізацыі гэтай ідэі.

Цягам апошніх васьмі гадоў замежнікі, якія легальна пражываюць у Польшчы, мелі права на штомесячную дапамогу на дзяцей, якая на сёння складае 800 злотых (191 еўра). Гэта датычыцца не толькі грамадзян ЕЗ, але і ўкраінцаў, беларусаў, в’етнамцаў і расейцаў. У 2024 годзе дапамогу атрымалі амаль 509.000 замежных дзяцей.

Згодна з дзейным заканадаўствам Польшчы, для атрымання льгот замежнікі павінны мець карту побыта з паметкай “доступ да рынку працы”. Аднак неабавязкова, каб заяўнік быў фактычна працаўладкаваны. Важна, каб замежнік легальна пражываў у Польшчы са сваімі дзецьмі, а не знаходзіўся ў краіне з турыстычнай мэтай.