Сёння Польшча адзначае на дзяржаўным роўні Дзень Першай Канстытуцыі, прынятай 3 мая 1791 года. Гэта быў асноўны закон Рэчы Паспалітай, у якую ўваходзіла і Вялікае Княства Літоўскае. Канстытуцыя 3 мая стала першай Канстытуцыяй у Еўропе і другой – у свеце.

У аснову праекта Канстытуцыі была пакладзена «Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна» часоў Вялікай французскай рэвалюцыі, кажа гісторык Яўген Дудкін:
-Менавіта гэты кадафікаваны дакумент падзяляў уладу на тры галіны: заканадаўчую, выканаўчую і судовую. І такім чынам гэты дакумент увайшоў у гісторыю не толькі Рэчы Паспалітай, але і ўсёй Еўропы і свету. Мэтай было якраз узмацненне, уратаванне Рэчы Паспалітай.
Паводле Яўгена Дудкіна, у дэмакратычнай Беларусі свята Канстытуцыі 3 мая будзе адзначацца таксама на дзяржаўным роўні, паколькі гэта важная веха гісторыі нашай дзяржавы.
Цалкам матэрыял:
* * *
Канцэрты, пікнікі, прабегі, выставы пад адкрытым небам і афіцыйныя ўрачыстасці з удзелам прадстаўнікоў улады. Палякі святкуюць Дзень Канстытуцыі Трэцяга мая. Найстарэйшая ў Еўропе Канстытуцыя была прынята 233 гады таму.

Цэнтральныя ўрачыстасці пройдуць у Варшаве з удзелам прэзідэнцкай пары, прадстаўнікоў ураду, парламента і мясцовага самакіравання, а таксама вайсковае камандаванне. Традыцыйна з нагоды свята прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда павышае ў званні афіцэраў Войска Польскага.
У Беластоку галоўныя ўрачыстасці святкаванняў Дня Канстытуцыі Трэцяга мая пачнуцца а 12.30 ля помніка Маршалку Пілсудскаму. У іх прымуць удзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання, дэпутаты, ветэраны, вайскоўцы і жыхары. Завершыцца цырымонія вайсковым парадам.
Трэцяга мая 1791 года Чатырохгадовы сойм Каралеўства Польскага зацвердзіў першую ў гісторыі Еўропы Канстытуцыю. Яна стала другой у свеце, саступіўшы першае месца амерыканскаму асноўнаму закону.
Пасля Першай сусветнай вайны ў адроджанай польскай дзяржаве Трэцяга мая было дзяржаўным святам. У гады народнай Польшчы камуністычная ўлада забараняла яго адзначаць. Свята Канстытуцыі Трэцяга мая, як дзяржаўнае свята, вярнулі ўжо ў незалежнай Польшчы ў 1990 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя






