У польскім горадзе Плоньск 16-гадовы падлетак з газавым балончыкам напаў на двух беларусаў. У яго доме знайшлі наркотыкі, паведамляе паліцыя Мазавецкага ваяводства.
Здарэнне адбылося ўвечары 10 кастрычніка. Двое беларусаў — 53 і 35 гадоў — размаўлялі на вуліцы па-расейску. Да іх падышлі трое падлеткаў і спыталі, хто яны па нацыянальнасці. Даведаўшыся, што перад ім беларусы, адзін з хлопцаў заявіў, што «такіх не любяць», пасля чаго распыліў у іх бок слёзатачывы газ і ўдарыў аднаго з мужчын балончыкам па галаве.
На месца прыбылі паліцыя і хуткая дапамога. Пацярпелага шпіталізавалі. Нападніка хутка знайшлі — ім аказаўся мясцовы 16-гадовы хлопец. Выпадак будзе разглядаць суд па справах непаўналетніх. Падлетку выстаўленыя абвінавачанні ў абразе грамадзян Беларусі па нацыянальнай прыкмеце і ў парушэнні іх недатыкальнасці.
Падчас вобшуку ў доме падлетка паліцыя знайшла пакет з белым парашком — амаль 400 грамаў амфетаміну. Як аказалася, наркотыкі належалі 46-гадоваму бацьку хлопца. Мужчыну арыштавалі, а дзяцей перадалі пад апеку сваякоў.
Беларускае Радыё Рацыя






