У Люблінскім ваяводстве Польшчы рыхтуюцца да новага наплыву бежанцаў з Украіны. Мясцовыя ўлады падрыхтавалі ўжо спісы валанцёраў, якіх могуць прыцягнуць у выпадку неабходнасці.
Генеральны консул Украіны ў Любліне Алег Куць у каментары Радыё Свабода расказаў, што перад зімой у Люблінскім ваяводстве прапрацоўваюць розныя сцэнары. Паводле яго слоў, у ваяводстве “высокі ўзровень гатоўнасці” ёсць спісы валанцёраў, якія ў 2022 годзе дапамагалі ўкраінцам.
“У гэтым спісе некалькі соцень валанцёраў, якіх пры неабходнасці збяруць і прыцягнуць да дапамогі. Ёсць дакладнае разуменне, хто будзе чым займацца, хто будзе працаваць на граніцы, хто на вакзале”, – адзначыў дыпламат.
Пры гэтым генконсул указаў, што на дадзены момант няма перадумоў чакаць новай хвалі бежанцаў з Украіны, але шмат будзе залежаць ад некалькіх фактараў, у тым ліку ад расейскіх атак на энергетычную інфраструктуру і сітуацыі на фронце.
Польшча адна з краін, якая першай працягнула Украіне руку дапамогі, прыняўшы украінцаў, якія ўцяклі ад вайны. У сваю чаргу, многія ўкраінцы не засталіся ў даўгу, кампенсуючы атрыманую дапамогу падаткамі.
У 2023 годзе грамадзяне Украіны адкрылі ў Польшчы больш за 30 тысяч новых кампаній. У той жа час польскія СМІ паведамілі аб зніжэнні колькасці працоўных з Украіны – людзі шукаюць лепшыя ўмовы працы ў іншых краінах ЕЗ.