У Польшчы за падрыхтоўку і спробы здзяйснення дыверсій затрыманы 10 чалавек. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Томаш Семаняк.

Fot. PAP
«Дзякуючы вельмі эфектыўным дзеянням Агенцтва ўнутранай бяспекі і паліцыі, 10 асоб арыштаваныя з абвінавачваннямі, якія тычацца планавання і спроб здзяйснення актаў сабатажу. Калі казаць пра агульную колькасць усіх арыштаваных са снежня мінулага года ў сувязі з дзеяннямі расейскіх і беларускіх службаў, то гэта 18 чалавек», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, у гэты лік таксама ўваходзіць арыштаваны па справе аб спробе замаху на прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Нагадаем, на мінулым тыдні стала вядома, што затрыманы двое грамадзян Беларусі і адзін грамадзянін Польшчы, якія падазраюцца ў спробе здзяйснення дыверсій па заданні расейскай разведкі.