У Польшчы прыпынілі ўсе вайсковыя вучэнні з выкарыстаннем выбуховых рэчываў і баявой тэхнікі. Як гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Мінабароны краіны, выключэнне — толькі мерапрыемствы ведамства за межамі Польшчы, у тым ліку датычныя навучання ўкраінскіх салдат. Адпаведную пастанову выдаў міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

Адзначаецца, што ведамства пачало перагляд мер бяспекі падчас навучання жаўнераў з-за няшчасных выпадкаў, якія адзін за адным адбыліся ў польскім войску ў апошнія тыдні. У пачатку сакавіка падчас трэніровак Dragon-2024 (прадугледжаныя маштабнымі вучэннямі NATO Steadfast Defender 2024) гусенічная машына пераехала двух жаўнераў 1-й танкавай брыгады, яны загінулі. У гэтых манеўрах бралі ўдзел каля 20 тысяч вайскоўцаў і 3,5 тысячы адзінак тэхнікі з дзесяці дзяржаў — членаў Паўночнаатлантычнага альянсу.
Таксама 25 сакавіка падчас вучэнняў з падрывам трацілу загінулі двое сапёраў 5-га Тарнавагурскага хімічнага палка. А на наступны дзень падчас вучэнняў у горных раёнах у выніку сходу лавіны загінуў яшчэ адзін польскі вайсковец.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: НАТА






