У Польшчы зарэгістраваная арганізацыя беларускай дыяспары – Stowarzyszenie Diaspora Białoruska w Polsce. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” журналіст, кіраўнік медыяпраекта Belarus Tomorrow Аляксей Дзікавіцкі.

Сёлета 17 чэрвеня Дзікавіцкі заклікаў далучыцца да ініцыятыўнай групы па стварэнні арганізацыі. Запрашэнне ён адрасаваў “ініцыятыўным, працавітым, адказным і не ўцягнутым у кіраванне палітычнымі структурамі землякам”. Пасля Польшчы медыяменеджар плануе выйсці на агульнаеўрапейскі ровень у фармальнай арганізацыі беларускай дыяспары.
“Неабходна гаварыць адзіным голасам, праз сваё прадстаўніцтва з моцным мандатам, які праз рэгулярныя і празрыстыя выбары будзе прадастаўляцца дыяспарай сваім аўтарытэтным прадстаўнікам, якія добра ведаюць патрэбы беларускай грамады ў краіне пражывання і саму краіну, яе мову і прынцыпы функцыянавання… Толькі ў Польшчу за апошнія гады выехала некалькі сотняў тысяч беларусаў, а ў нас тут паўнавартаснай школы нават няма, не кажучы ўжо пра іншыя так званыя сацыяльныя інстытуты, якія існавалі б стабільна, без пастаянна працягнутай за грантамі рукі”, – адзначыў Дзікавіцкі.






