BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Саках адраджаюць абрад выпякання бусловых лап

Дзявяты раз у Саках у гміне Кляшчэлі пяклі бусловыя лапы ў вясковай святліцы. Яшчэ два пакаленні таму тутэйшы абрад Дабравешчання добра ведалі, а адмысловыя салодкія дражджавыя булачкі рабілі ў кожнай хаце.  Абрад выпякання бусловых лап амаль сышоў у нябыт.

Але дзякуючы неабыякавым да сваіх традыцый жанчынам ён вярнуўся. Кажуць мясцовыя жыхары Малгажата Клімовіч  і Іван Гілеўскі:

Помню мая бабця тут узнаўляла гэтую традыцыю. Яна распавядала, як у яе хаце пяклі гэтыя бусловя лапы, але я сама ў сваёй хаце не рабіла такіх бусловых лап. Вось на гэтых варштатах пачала вучыцца.

-Цяпер ужо не пякуць. Не ведаю, ці мае сёстры ведаюць, як іх пячы. Ужо няма тых жанчын, а маладыя, яны не разумеюць. І гэта ёсць нагода вучыцца, каб ведалі і дзеці, і хлопцы, і ўсе.

Гаспадыні імкнуцца пераказаць свой досвед усім зацікаўленым, у тым ліку самым маленькім удзельнікам майстар-класаў у вясковай святліцы. Цягам апошніх гадоў традыцыю пераняла Ніна Ляончук, якая жыве ў Заляшанах 30 гадоў, а традыцыю выпякання бусловых лап ведае з дзяцінства ад сваёй маці:

Бачыла як мая мама робіць тыя булкі, толькі, канешне, без масла, без яек. А мы робім трошкі іначай цяпер. Бо нашыя дзеці напэўна не захочуць есці тое, што калісьці мы елі. Калі людзі будуць цікавіцца, то традыцыя не загіне, я думаю.

Арганізатары спадзяюцца, што налета ахвочых падтрымаць і пераняць мясцовую традыцыю святкавання Дабравешчання будзе яшчэ больш, улічваючы хаця б тое, што наступнае спатканне ў Саках будзе юбілейным – дзясятым.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя