BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Сейме Літвы адбыўся Форум свабоднай журналістыкі

Форум свабоднай журналістыкі прайшоў 7 снежня ў Сейме Літвы. Ён быў прысвечаны падтрымцы прафесійных стандартаў у кантэксце войнаў і міжнародных канфліктаў. У ім бралі ўдзел беларускія, літоўскія, латышскія ды эстонскія журналісты. А таксама прадстаўнікі літоўскага ўрада на чале са старшынёй Сейма Літвы Вікторыяй Чміліце-Нільсэн.

Імпрэза пачалася са зваротнага слова генеральнага сакратара Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Рыкарда Гуцьерэса, які сказаў, што сапраўдны журналіст ніколі не стане прапагандыстам, пешкай у гэтай вайне.

Паводле старшыні “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Андрэя Бастунца, гэта ўжо трэці такі форум, які праводзіцца ў падтрымку беларускіх журналістаў у выгнанні:

Паколькі гэта форум, то гэта значыць, што на ім можа кожны выказваць сваё асабістае меркаванне, і таму, зразумела, меркаванні могуць быць рознымі. Але агульнае гучала, што беларусы, і не толькі беларусы, мы ўсе мусім штосьці рабіць, калі мы жадаем пераменаў, а не толькі спадзявацца на тое, як завершыцца вайна ва Украіне.

Падчас форуму была ўручаная чарговая прэмія “Надзея Свабоды”. Сёлета яе атрымаў былы галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Ягор Марціновіч.

Як зазначыў старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус, сёлета яны ўручаюць лаўрэату прэмію асабіста ў рукі, бо некаторыя папярэднія намінанты не маглі яе атрымаць, яны сядзелі за кратамі.

Рашэнне кожны год прымаецца не па нейкіх агульных крытэрах, а менавіта па крытэры, калі мы глядзім на тых калег, якія або яшчэ знаходзяцца ў зняволенні, або калі надзея дае спадзеў, што ў іх жыццё ўжо складзецца. У даным выпадку для нас было важна, што пасля таго перыяду, які ён правёў у турме, ён выйшаў на волю і выехаў у Літву. І для нас ён стаў сімвалам надзеі і свабоды.

Літоўская прэмія “Надзея Свабоды” ўручаецца ўжо чацвёрты год запар. Ранейшымі лаўрэатамі былі Алег Груздзіловіч, Андрэй Аляксандраў, Кацярына Барысевіч, Алена Таўкачова, Таццяна Каравенкава, Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя