
Яўген Дудкін
Беларуская хрысціянская дэмакратыя рыхтуе Марш беларусаў у Варшаве 2 лістапада, на Дзяды. Дзе і як будзе праходзіць марш, хто будзе прымаць непасрэдны ўдзел у мерапрыемстве, пра запрошаных гасцей мы паразмаўлялі з “Госцем Рацыі” – прадстаўніком партыі БХД Яўгенам Дудкіным.
РР: Вы збіраецеся адзначаць “Дзяды”. Як ідзе падрыхтоўка да маршу?
Яўген Дудкін: На сённяшні дзень у нас ёсць рэгістрацыя грамадскага мерапрыемства. Улады Варшавы пацвердзілі рэгістрацыю маршу. Гэта будзе 2-га лістапада. А 14:30 афіцыйны пачатак мерапрыемства. А 15:00 прагучыць гімн “Магутны Божа”, выступяць палітыкі. Марш пройдзе да помніка Адама Міцкевіча. На апошняй кропцы – гэта Замкавая плошча, каля калоны караля Жыгімонта III. Выступяць прадстаўнікі арганізацый, партый, ініцыятыў. Таксама на пачатку мы запалім свечы, якія будуць сімвалам таго святла, якое мы будзем несці на працягу гэтага марша. Я спадзяюся, што спікеры закрануць тэму нашых продкаў, якія таксама былі на эміграцыі. Што рабілі гэтыя продкі на эміграцыі, каб аднавіць незалежнасць Бацькаўшчыны.
РР: Якія мерапрыемствы адбудуцца акрамя маршу?
Яўген Дудкін: Акрамя самога маршу 2-га лістапада Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя традыцыйна арганізоўвае прыборку могілак, дзе пахаваныя нашыя продкі. Напрыклад, на праваслаўны могілках пахаваны дзед Паўла Севярынца. На вайсковых могілках сімвалічнае пахаванне генерала Булак-Балаховіча, ёсць таксама магілы балахоўцаў. Лічу, што гэта адна з нагодаў наведаць гэтыя могілкі і прыбраць ды запаліць знічы. Яшчэ ёсць “Павонзкі” – каталіцкія могілкі, дзе пахаваная каханая Кастуся Каліноўскага ды інш. То бок мы маем тры кропкі мінімум.
На сёння праблема ў тым, што беларускія ініцыятывы і арганізацыі да сённяшняга так і не арганізаваліся, каб зрабіць гэта планава. Каб гэта была шырокая кампанія, каб кожны ведаў, што ў канкрэтны час адбываецца прыборка гэтых могілак. Беларусы бачаць, як літоўцы і палякі наводзяць парадкі і запальваюць знічы. Праблема ў палітыках і грамадскіх арганізацыях, якія так і не дамовіліся. Мы да гэтага заклікаем, але, на жаль, чуем толькі маўчанне. Дзякуй богу, што ёсць лакальныя ініцыятывы, якія робяць гэтую справу, няхай нават асобна, але робяць, што таксама заслугоўвае павагі да іх справы. Але канешне ёсць праблема, што адсутнічае такая каардынацыя паміж ініцыятывамі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя






