BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Варшаве і Пултуску праходзіць VIII Сусветны форум польскіх замежных медыя

14–16 лістапада 2025 года ў Варшаве і Пултуску пройдзе VIII Сусветны форум медыя Полоніі, арганізаваны Сусветнай асацыяцыяй польскіх замежных медыя. Гэта штогадовая падзея аб’ядноўвае рэдактараў, журналістаў і прадстаўнікоў польскамоўных медыя з усяго свету і з’яўляецца адным з найважнейшых пунктаў у календары арганізацыяў Полоніі.

Урачыстае адкрыццё ў Сенаце Польшчы

Форум пачнецца ў будынку Сената Рэспублікі Польшча. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выступяць прадстаўнікі Сената, кіраўнікі Сусветнай асацыяцыі польскіх замежных медыя, Еўрапейскага саюза польскіх грамад і арганізацыі «Польская супольнасць». Мерапрыемства адбываецца пад патранажам Маршалка Сената.

Падчас адкрыцця прагучыць заклік аб вызваленні Анджэя Пачобута, журналіста і актывіста польскай меншасці ў Беларусі. Таксама будзе ўручана ўзнагарода «Слова Полоніі», якой адзначаюць асобаў за асаблівы ўнёсак у падтрымку польскай дыяспары і добрай рэпутацыі Польшчы за мяжой.

Прэс-канферэнцыя ў цэнтры PAP

Важным пунктам першага дня стане прэс-канферэнцыя ў Centrum Prasowym Polskiej Agencji Prasowej (РАР) у Варшаве. Тут арганізатары прадставяць асноўныя тэмы і мэты форуму, абмяркуюць выклікі, з якімі сутыкаюцца польскамоўныя рэдакцыі ў свеце, а таксама пазначаць ключавыя прыярытэты на 2026 год.

Да ўдзелу запрошаныя прадстаўнікі медыя з Польшчы і з-за мяжы, палітыкі, эксперты і кіраўнікі полонійных арганізацый. Канферэнцыя стане пляцоўкай для дыялогу пра ролю польскіх медыя за мяжой у падтрымцы культурнай і інфармацыйнай сувязі з Польшчай, супрацьдзеянні дэзінфармацыі і фармаванні пазітыўнага іміджу краіны.

Фота: Znadniemna.pl.