У Варшаве на плошчы Каперніка адбылася акцыя “Муры” у падтрымку беларускіх палітвязняў, прымеркаваная да Дня палітвязня 21 траўня. На імітаваны калючы дрот было замацавана 1380 здымкаў палітвязняў.
Вялізная колькасць здымкаў прыцягвала ўвагу жыхароў і гасцей польскай сталіцы. Мэта акцыі – не толькі салідарнасць з палітвязнямі, а і напамін Еўропе пра тыя жахі, што адбываюцца ў Беларусі, кажа намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка:
– Колькі б мы не казалі, колькі б мы не рабілі, гэтага будзе мала, што мы робім. Бо можа камусьці надакучыла, можа камусьці лянота. Але ўявіце сабе, што людзі ў жудасных умовах, у жахлівых умовах. Яны церпяць за нас, бо мы на свабодзе, мы за мяжой. Мы ў адноснай бяспецы, а яны сядзяць, іх катуюць кожнага дня. Мы павінны прыходзіць на гэтыя акцыі, мы павінны пра гэта крычаць, казаць людзям.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Акцыя доўжылася гадзіну. У канцы акцыі прагучала хвіліна крыку ад Яны Шостак.
Беларускае Радыё Рацыя