У Варшаве на 25 студзеня намечаны першы беларускі фем-арт фестываль «ROAR WOMEN», створаны беларускімі арт-менеджаркамі і актывісткамі.

Ідэя фестывалю нарадзілася вясной 2024 года, пасля трагічнай гібелі беларускі Лізы. Кожная з удзельніц каманды сцвярджае, што ў сваім жыцці сутыкалася з рознымі формамі гвалту і, падобна Лізе, перажывае досвед міграцыі.
Асноўная мэта фестывалю — вывесці гэтую складаную і табуяваную тэму з «шэрай зоны», стварыць прастору для самавыяўлення, узаемападтрымкі і адкрытага дыялогу. Паводле арганізатарак, «ROAR WOMEN» — гэта месца, дзе мастацтва становіцца інструментам для абмеркавання гендэрна-абумоўленага гвалту і спосабам падтрымкі пацярпелых. Назва фестывалю — гэта не крык аб дапамозе. ROAR («рык» па беларуску) сімвалізуе голас, які заўсёды быў з намі, кажуць арганізатаркі фестывалю.
У рамках фестывалю каманда падрыхтавала бясплатны анлайн-гайд «Побач» па самадапамозе для тых, хто сутыкнуўся з гвалтам за мяжой. У гайдзе ёсць інфармацыя аб фондах і арганізацыях, якія могуць дапамагчы, а таксама практычныя парады.
Беларускае Радыё Рацыя