Свята, прымеркаванае да Дня Волі, адбудзецца ў Варшаве 24 сакавіка. Яно пачнецца ўдзень на пляцы Трох Крыжоў: там выступяць беларускія, польскія і ўкраінскія палітыкі і актывісты. Пасля стартуе марш да помніку Мікалаю Каперніку. А завершыцца падзея вялікім канцэртам на пляцы Замковым, сярод выступоўцаў – Belarusian Truestory, Atesta, Lity Taler, Dzieciuki і іншыя.

Падчас мерапрыемства плануецца збор данатаў для палітзняволенных. Распавядае суарганізатар свята, прадстаўнік Беларускай Асацыяцыі Палітвязняў “Да волі” Алег Кулеша:
– Прынята рашэнне збіраць данаты непасрэдна на дапамогу ўцекачам і палітвязням, якія зараз уратоўваюцца з тэрыторыі Беларусі. Гэта вельмі важна, таму што насамрэч не ўсё ахоплена вялікімі пляцоўкамі, шмат такіх выпадкаў, што людзям тэрмінова патрэбна дапамога. Яна патрэбна хуткая, кропкавая, непасрэдна адразу, як адтуль прыедзеш. І такіх выпадкаў вельмі шмат.
Цяпер распачаты збор на пляцоўцы Bysol на правядзенне падзеі. Падтрымаць яго можна па спасылцы.
Плануецца, што частка выдаткаў пакрыецца Беларускім Моладзевым Хабам з сабраных 1,5% падаткаў у Польшчы ў 2023-м годзе. “Таму дапамагаць беларускім аб’яднанням варта”, – дадаў Алег Кулеша.
Арганізатары падзеі да Дня Волі — Аб’яднаны Пераходны Кабінет, Беларуская Асацыяцыя Палітвязняў «Да волі», суполка «Беларусы Варшавы», Беларускі Моладзевы Хаб, Музей Вольнай Беларусі.
Імпрэза ладзіцца пры інфармацыйнай падтрымцы Беларускага Радыё Рацыя.
Цалкам матэрыял:
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя






