BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Варшаве Зянон Пазьняк прэзентаваў новую кнігу

7 студзеня ў Варшаве ў беларускай краме “Vyraj” адбылася прэзентацыя новай кнігі палітыка і літаратара Зянона Пазьняка “Стаць у праломе мура”. Гэта вялікае інтэрв’ю Зянона Пазьняка (330 старонак), запісанае журналістамі Паўлам Мажэйкам і Зміцерам Гурневічам у 2013-2015 гадах аб падзеях другой паловы ХХ стагоддзя, сведкам і ўдзельнікам якіх быўЗянон Пазьняк.

У Варшаве Зянон Пазьняк прэзентаваў новую кнігу
Зянон Пазьняк падчас прэзентацыі

Гаворыць Зянон Пазьняк:

– Прадстаўляю тут кніжку, якая называецца “Стаць у праломе мура”. У адной галіне нашага роду быў герб “Грымала”. Герб “Грымала” абазначае рыцара з мячом у правай руцэ, які стаіць у праломе мура і не пускае ворагаў. Вось адсюль пайшла гэтая назва.

Пасля таго, як Зянон Пазьняк распавёў найбольш цікавыя моманты з кнігі, з перапоўненай залы крамы пасыпалася шмат  пытанняў. Спадар Зянон адказаў на ўсе. Людзі былі ўражаны і задаволены:

– Вельмі цікава, пазнавальна, вельмі шмат унікальнай і новай інфармацыі. Столькі беларусаў прыйшло.

– Зянон Станіслававіч падымае тэмы ад гістарычных да палітычных, і яму ёсць што сказаць. Заўсёды гэта цікавыя рэчы, арыгінальныя, якія варта паслухаць, каб разумець, што адбывалася і што адбываецца ў Беларусі, і самае галоўнае – што рабіць зараз.

Сустрэча доўжылася 4 гадзіны. Людзі змаглі набыць кнігі Зянона Пазьняка з аўтографам аўтара.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя