“Беларускія вячоркі” – музычнае свята для беларусаў Вільні прайшло 8 лютага ў Доме нацыянальных супольнасцяў. Праграма складалася з народных і аўтарскіх песень, танцаў, жартаў, загадак – усяго, што ўключае старая беларуская традыцыя вячорак зімовымі вечарамі.

Паводле адной з арганізатарак імпрэзы, старшыні камісіі па сацыяльнай палітыцы Каардынацыйнай Рады Вольгі Вялічкі, адна з мэтаў такіх імпрэзаў, аб’яднаць “старую і маладую” дыяспары.
– Гэта, магчыма, будзе гучаць вельмі дзіўна. Але насамрэч існуе праблема, што старая беларуская дыяспара і новая беларуская дыяспара мала прадстаўлены адна да адной. Таму гэта не першая спроба, але першая вялікая спроба, аб’яднаць усе тыя рэсурсы, усе тыя бачанні нашай Беларусі сярод людзей, якія прыехалі і жывуць тут нядаўна, і сярод тых сталых людзей, якія больш чым 20-30-40, а некаторыя і 50 год, жывуць не ў Беларусі.
У залі было больш за 100 чалавек, у асноўным людзі сталага веку. Не ўсе яны зразумелі сучасныя спевы, якія выконвала моладзь, часам нават гучалі абразлівыя выкрыкі. Але напрыканцы публіка ў асноўным засталася задаволеная.

Кажа адна з глядачак:
– Пачуццё беларускасці і далучанасць, што мы беларусы і не згубіліся тут. Працягваем сваю ідэнтычнасць. І, канешне, пачуццё радасці. Я ўдзячная ўсім, хто гэта арганізоўвае.
У свяце “Беларускія вячоркі” ўдзельнічалі Беларуская музычная прастора “Гоман” – дзіцячы беларускі хор “Валошкі”, беларуская музычная капэла “Гоман” пад кіраўніцтвам Вольгі Семянчук, а таксама Сяргей і Таццяна Шанкіны, Сяргей Шарамет ды іншыя.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:


















Беларускае Радыё Рацыя






