BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Вільні апаганілі помнік Міндоўгу

Чарговая правакацыя ў спробе настроіць літоўцаў супраць беларусаў. Нехта напісаў “Вільня наша” чырвонай фарбай на помніку каралю Міндоўгу.

Фота: ELTA

6 ліпеня ў Літве адзначаецца нацыянальнае свята — Дзень дзяржавы (Дзень каранацыі Міндоўга, першага караля ВКЛ). Штогод яно адзначаецца ў гонар каранацыі Міндоўга, якая адбылася 6 ліпеня 1253-га ў Навагрудку. Таму дата для такога вандалізму абраная не выпадкова.

У ноч напярэдадні невядомыя апаганілі помнік Міндоўгу ў Вільні, паведамляе Delfi.lt. Паводле звестак Дэпартаменту паліцыі Літвы, факт апаганьвання помніка быў зафіксаваны 6 ліпеня а 2-ой гадзіне ночы. На помніку, чырвонай фарбай па-беларуску было напісана “Вільня Наша”.

Паліцыя пачала расследаванне па факце псавання або знішчэння чужой маёмасці. За такое парушэнне пагражаюць грамадскія працы, штраф, абмежаванне волі ці пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў. А пра тое, што вандалізм – недарэчная правакацыя, пішуць і самі літоўцы ў каментарах пад навіной на мясцовым рэсурсе.