BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Вільні пачаўся кірмаш Казюкас

У Вільні 7 сакавіка пачаўся веснавы кірмаш Казюкас. Там ён праводзіцца ўжо больш за 400 год. Звычайна кірмаш доўжыцца тры дні, сёлета таксама ён працягнецца яшчэ ў суботу і нядзелю, 8 і 9 сакавіка.

Тэмай сёлетняга кірмашу з’яўляецца “Žaliasis virsmas” (зялёнае ператварэнне), якое акцэнтуе тэму ўстойлівага развіцця і адказнага спажывання, унікальную сувязь чалавека з прыродай.

Пачаўся кірмаш у пятніцу шэсцем ад плошчы Незалежнасці да Кафедральнай на чале са Святым Казімірам. Пасля там адбыўся святочны канцэрт.

Гандляры выставілі свае намёты на працягу ўсяго праспекта Гедыміна і прылеглых плошчах Лукішкі, Кудзіркі і вакол Кафедральнай плошчы.

Паводле прадпрымальнікаў, дзякуючы добраму надвор’ю продажы растуць з кожнай гадзінай. Кошты на тавары прыкладна такія, як былі год таму. Праўда, цэны на вэнджаную рыбу заўважна падняліся дзесьці на еўра за кілаграм. Да прыкладу, ляшча можна набыць за 15 еўра, скумбрыю – за 8 еўра, акуні каштуюць па 10 еўра за кілаграм. Пакупнікам нават прапаноўваюць шашлыкі з чырвонай рыбы за 22 еўра за кілаграм і рулеты з чатырох гатункаў рыбы ад 35 да 50 еўра за кілаграм.

Самыя папулярнымі пакупкамі на кірмашы для наведвальнікаў з’яўляюцца абаранкі, мясныя вырабы, рыба, квас, піва, лыжкі, вербныя букеты, кошты на якія ад 2 да 20 еўра,  ды іншае.

Кілаграм сала сёлета каштуе 8-10 еўра, вяленае мяса па 16 еўра за кілаграм, баранкі – ад 2 да 4 еўра, квас – 4-5 еўра за бутэльку.

Падчас кірмашу можна і паесці ў арганізаваных вулічных кавярнях. Порцыя шашлыку там каштуе 15 еўра, адзін цэпелін – 5 еўра, узбекскі плоў – 10 еўра, каша – 5 еўра, гарбата – 2 еўра, кава – 3.5 еўра, бульба на палачцы – 4 еўра, кібінаі – па 1.80 еўра за штуку.

Рамеснікі і майстры на кірмашы выставілі свае эксклюзіўныя вырабы, якія можна набыць у адзінкавым экзэмпляры. Тут не толькі можна ўбачыць модныя сучасныя вырабы, але і традыцыйныя літоўскія, такія як плеценыя паясы, тканыя і драўляныя рэчы.

А напрыканцы кірмашу беларуская дыяспара ў гэты дзень сабралася на агульную малітву ў капліцы Святога Казіміра ў архікатэдры на Кафедральнай плошчы. Там беларусы памаліліся за Святога Казіміра, заступніка Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, а таксама за Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя