Сёлета 1 чэрвеня Vilnius Pink Soup Fest (Фэст халадніку) сабраў яшчэ большую колькасць наведвальнікаў.
Асноўныя мерапрыемствы фэсту ладзіліся на пляцоўках вакол рынку Цімас і парка Кудру. Там наведвальнікаў імпрэзы чакала шмат забаў: каток на Бастыённай гары, рэкордны стол з халадніком, выбар самага прыгожага касцюма, спецыяльныя зоны для дзяцей, выступленні вядомых музычных калектываў.
У межах фэсту адбыўся і незвычайны марафон афіцыянтаў з талеркай халадніку. Самы хуткі ўдзельнік, які прабег дыстанцыю 600 метраў, быў узнагароджаны спецыяльнымі прызамі ад спонсараў фестывалю.
Таксама самая вядомая і заўжды арыгінальна ўпрыгожаная вуліца Сціклю ў старым горадзе Вільні пераапранулася ў ружовы колер на час гэтага фэсту. А на ёй, як і па ўсім горадзе, сустракаліся жыхары літоўскай сталіцы і госці горада, апранутыя ў ружовае, часам экстравагантнае, адзенне.
Падчас фестывалю можна было заўважыць не толькі шмат крэатыву ў адзенні, але і ў адпачынку. Стомленыя літоўцы і турысты маглі адпачыць пасярод горада не толькі на ружовых крэслах, лаўках, але нават паляжаць на ложках і канапах з ружовай бялізнай. Альбо нават парэлаксаваць, лежачы на мосце разам з іншымі жадаючымі, у парку адпачынку.
Для дзяцей таксама было шмат забаў. Але найлепшай экстрэмальнай забавай для дзяцей і дарослых быў спуск з ружовай горкі па мыльнай пене ў імправізаваны халаднік. Гэтая забава прыцягнула найбольшую колькасць удзельнікаў і гледачоў.
Наведвальнікаў фестывалю запрашалі на экскурсію па рацэ Віліі, у мастацкія галерэі і музеі, а таксама на „Ружовы пікнік“ на лузе сядзібы Воке.
Галоўнай стравай гэтага дня, канешне, як на пляцоўках фэсту, так і ў кожнай кавярні ці рэстаране, быў халаднік. За ім, дарэчы, стаялі вялікія чэргі ў спякотнае надвор’е. Таксама можна было паласавацца марозівам і нават кавай са смакам халадніку, рэцэпт якога распрацавалі менавіта да фэсту.
Арганізатарам свята, сапраўды, удалося расфарбаваць 1 чэрвеня сталіцу Літвы ў ружовы колер і зладзіць прыгожае і запамінальнае свята.
Беларускае Радыё Рацыя