BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Вільні прайшоў кірмаш народаў

Кірмаш народаў прайшоў у сталіцы Літвы з 19 па 21 верасня. У ім удзельнічалі  прадстаўнікі 24 розных народаў і нацыянальных абшчын. На сямнаццатым па ліку кірмашы яны прадставілі свае традыцыі, рамёствы, культуру і кулінарную спадчыну. Мерапрыемства адбывалася на Кафедральнай плошчы і на плошчы Вінцаса Кудзіркі.

Беларусы таксама бралі ў ім удзел і ўпрыгожылі кірмаш не толькі сваімі вырабамі, але і музычнай ды тэатральнай творчасцю.

Марына Абрамовіч і Вячка Красулін
Марына Абрамовіч і Вячка Красулін

Паводле дудара і этнографа Вячкі Красуліна, праграма была вельмі стракатая:

– Ад Беларусі былі тры гурты, і кожны гурт прадстаўляў нешта сваё. “Беларускі цуд” прадстаўляў спевы, набліжаныя да аўтэнтычных, “Світанак” прадстаўляў палескую традыцыйную культуру, а гурт “Ойра” вырашыў гэтым разам выступіць незвычайна і выкарыстоўвалі акрамя цымбалаў і дуды яшчэ і кахон.

Як кажа грамадская актывістка Марына Абрамовіч, на кірмаш яны падбіралі розныя вырабы, якія адлюстроўваюць беларускую ідэнтычнасць і культуру:

– Вось там нашая майстрыца паказвае, як плесці паясы на бярдзе, другая паказвае, як яна робіць вырабы метадам сухога валення. То бок мы не проста прадаем, мы яшчэ і паказваем, як гэта робіцца, наколькі гэта цікава. Так што ў нас тут усе пры справе.

Падчас кірмашу адбываўся не толькі продаж розных рэчаў і прадуктаў харчавання, прысутныя маглі наведаць выставы, канцэрты, майстар-класы і агароднінныя спаборніцтвы. А таксама ўбачыць некалькі вялікіх дываноў з кветак і раслін на Кафедральнай плошчы Вільні.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

На кірмашы народаў у Вільні
На кірмашы народаў у Вільні

Беларускае Радыё Рацыя