У Вільні прайшло памятнае мерапрыемства прысвечанае другой гадавіне бою пад Лісічанскам.

У той дзень, падчас стрымлівання расейскай бронетэхнікі, якая адразала апошні шлях выхаду з горада частак ЗСУ, загінула чацвёра беларускіх добраахвотнікаў. Кажа арганізатар вечара, ветэран вайны ва Украіне Аляксандр Клачко:
– На мерапрыемстве былі паказаныя відэа хлопцаў, іх інтэрв’ю пры жыцці, успаміны тых, хто выжыў у тым баі. Я распавёў, як запомніў абставіны таго бою. Беларускія добраахвотнікі звычайныя людзі, але яны адрозніваюцца тым, што вырашылі добраахвотна рызыкаваць жыццём дзеля сваёй мэты. “Брэст”, як самы лепшы камандзір, ведаў пра патрэбы кожнага байца. У той жа час ён мог паставіць на месца любога, праехаць праз блокпост, калі не ведаў пароль. Хлопцы сваім жыццём выратавалі сітуацыю і жыцці вялікай колькасці ўкраінскіх жаўнераў.
Таксама падчас бою пад Лісічанскам байцы батальёна “Волат” – Сяргей “Клешч” Дзёгцеў і Ян “Тромблі” Дзюрбейка, патрапілі ў расейскі палон і іх далейшы лёс невядомы.
Беларускае Радыё Рацыя






