BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Вільні з’явіцца Kropka ад сям’і Фурманавых

Актывісты Вольга і Зміцер Фурманавы адкрыюць цягам бліжэйшага тыдня ў Вільні краму беларускіх рамеснікаў і творчую прастору Kropka.

Зміцер Фурманаў, гарадзенскі актывіст, які быў затрыманы ў траўні 2020 году падчас акцыі, калі ў Гародні затрымлівалі Сяргея Ціханоўскага. Зміцер быў асуджаны і выйшаў на волю ў кастрычніку 2021 году і адразу быў вымушаны  з-за пераследу з’ехаць за мяжу.

Пра тое, што можна будзе пабачыць у гэтым месцы, распавядае Вольга Фурманава:

-Мы збіраемся прэзентаваць вырабы майстроў-рамеснікаў. А ў другім памяшканні збіраемся рабіць імпрэзы, сустрэчы, прагляды фільмаў, усякае рознае, на што будзе запыт.

РР: З якімі майстрамі вы маеце кантакт?

-У асноўным гэта беларусы, якія з’ехалі з Беларусі і займаюцца сваімі рамёствамі.

Вольга распавядае, адкуль узялася ідэя стварэння гэтай прасторы:

-Апошнія 10 гадоў мая праца была звязаная з продажам і тут, у Вільні, я таксама працавала ў краме. Я пачала задумвацца, што рабіць далей, як жыць. Мне захацелася неяк развівацца. І аднойчы я сказала мужу, што хачу сваю краму.

Крама адчыніцца ў самым цэнтры Вільні недалёка каля Ратушы, і сярод майстроў, вырабы якіх будуць прадстаўлены ў гэтай крамцы,  будуць такія вядомыя гарадзенцы, як Сяргей Верамеенка і Вадзім Саранчукоў.

Беларускае Радыё Рацыя