У Запарожжы ідзе будаўніцтва падземнай школы. Комплекс мае прыняць у новым навучальным годзе 500 школьнікаў, паведамляе euronews.com. Класы будуць заглыбленыя на 7 метраў – для абароны ад расейскіх абстрэлаў.

Тым часам у суседняй школе №88 узводзяць сховішча, у якім таксама можна будзе праводзіць урокі пры неабходнасці. Улады вырашылі, прынамсі часткова, аднавіць школьныя заняткі — замест дыстанцыйнага навучання.
Некаторыя бацькі баяцца адпраўляць сваіх дзяцей у школу ў краіне, дзе ідзе вайна, але іншыя гавораць, што важна захаваць адчуванне нармальнага жыцця: “Мы вельмі шчаслівыя, і дзеці шчаслівыя. Бракуе жывых зносін”.
У мінулым месяцы губернатар Запарожскай вобласці Іван Фёдараў заявіў, што ў рэгіёне будзе пабудавана дзесяць падземных школ, пяць ужо будуюцца і павінны адкрыцца да канца года.
Сховішча ў школе №88 будзе ў тым ліку супрацьрадыяцыйным: за 60 кіламетраў ад яе размешчана акупаваная расейскімі сіламі найбуйнейшая ў Еўропе АЭС. Нягледзячы на тое, што яна ўжо не дзейнічае, яе стан па-ранейшаму выклікае асцярогі.