BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Украіна кантралюе частку расейскай тэрыторыі: мажлівыя сцэнары

Украінская аперацыя ў Курскай вобласці Расеі, як і любая ваенная аперацыя, мае шмат мэтаў – адзначае аналітык Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч. У размове з Янай Запольскай эксперт таксама распавядзе пра логіку дзеянняў Аляксандра Лукашэнкі і ўплыў вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у ЗША на хаду вайны.

РР: Прапаную пачаць размову з ваеннай аперацыі Узброеных сіл Украіны ў Курскай вобласці Расеі. На гэты момант, з той інфармацыі, што паступае, мы ведаем, што гэтая аперацыя мае наступальны характар, але напэўна мы ўсе разумеем, што гэты наступ не будзе працягвацца бясконца, бо з аб’ектыўных прычын, гэтая новая лінія фронту не можа быць вельмі расцягнутай. На гэты момант, ці вядомая канчатковая мэта гэтай украінскай аперацыі?

— Любая аперацыя мае некалькі сцэнароў развіцця падзеяў, некалькі задачаў або некалькі мэтаў. Канчатковую мэту ніхто нікому не кажа, але станам на сёння, калі глядзець па логіцы, то відавочная логіка, што ёсць кантроль пэўнай тэрыторыі, імаверна будзе спроба яго пашырыць прынамсі на 2-3 раёны ад цэнтру.

І пакуль што ідзе пераход логікі баявых дзеянняў ад логіку рэйду. Логіка рэйду — зайшлі, адцягнулі войскі, выйшлі, досыць хутка, не ўвязваючыся ў доўгія абарончыя баі. Гледзячы па ўсім, цяпер логіка змяняецца, і ад логікі рэйду Украіна пераходзіць да логікі часовай акупацыі тэрыторыі. Гэтая логіка прадбачае ў тым ліку стварэнне нейкіх адміністрацыйных цэнтраў, хаця б вайсковых камендатураў і стварэнне лініі абароны.

Натуральна, што расейская армія спрабуе скінуць армейскія аддзелы на Курскую вобласць, у прынцыпе ў прымежныя вобласці, — тут не толькі Курская, тут і Бранская, і Белгародская. І паралельна ёсць два працэсы ў Расеі: з аднаго боку, гэта спроба стрымаць рух украінскіх войскаў — і тут кідаюць так званыя зборныя аддзелы, дзе салдаты тэрміновай службы, і выведзеныя роты аднекуль. Але паралельна фармуюць і так званы ўдарны кулак, у склад якога адводзяць часткі, у тым ліку, з іншых участкаў фронту.

Такім чынам, ёсць некалькі сцэнароў развіцця падзеяў. Першы сцэнар — гэта, калі Расея пачне гэтую вялікую аперацыю або на момант, калі яна скончыць фармаванне гэтай ударнай групы, Украіна можа паспрабаваць атакаваць у іншым кірунку, у тым ліку, на сваіх тэрыторыях. Гэта фактычна паўтор сітуацыі канца лета-восені 2022 году. Калі ўвесь жнівень Украіна досыць вялікімі сіламі атакавала Херсонскую вобласць, пакуль туды не перакінулі элітныя часткі дэсантныя, штурмавыя — з іншых участкаў фронту Расея перакінула. І калі Расея скончыла гэтую перадыслакацыю, Украіна пайшла ў контрнаступ у Харкаўскай вобласці. Таму такі сцэнар таксама не варта адкідаць.

Наступны сцэнар — гэта, як бы там не было, кансультацыі па фармаце мірнага працэсу, яны могуць пачацца ўжо сёлета. І тут вельмі важнае пытанне, гэта хутчэй палітычнае значэнне, якое будзе мець кантроль тэрыторыяў. Бо Расея ў вайсковых канфліктах, яна заўсёды спрабуе адрабіць праблемы. Найбольш яскравы прыклад, гэта так званыя Менскія пагадненні, калі, на пачатку 2014 году, хачу нагадаць, Расея акупавала і Крым, і Данбас, але прапанавала пагаварыць толькі пра Данбас, ёй удалося вывесці Крым за дужкі.

У выпадку, калі Украіна кантралюе частку расейскай тэрыторыі, то яна прапаноўвала, умоўна, давайце выведзем Крым ці Данбас за дужкі, можа быць сустрэчная прапанова Украіны — ну, окей, мы не супраць, давайце выведзем Курскую вобласць за дужкі. Для Расеі гэта непрымальна, бо ў такім фармаце любая дамоўленасць пра спыненне — гэта адсутнасць для Пуціна карцінкі перамогі для насельніцтва.

Калі цяпер вайна спыніцца, расейскія ўлады могуць прапанаваць сваім грамадзянам бачанне перамогі, кшталту, што Расея мае новыя землі. А ў выпадку, калі нехта іншы кантралюе тэрыторыю самой Расеі ў межах 1991 году, такая карціна не вымалёўваецца. Таму, адпаведна, Расея будзе прыкладаць усе намаганні для выціскання ўкраінскіх войскаў да межаў 1991 году, як мінімум, адцягваючы значную сілу. Пра іншае, я ўжо сказаў.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле

Нашым госцем быў аналітык Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч.

Беларускае Радыё Рацыя