BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Украінцы патапілі расейскую падводную лодку «Растоў-на-Доне»

Сілы абароны Украіны паспяхова ўразілі і затапілі падводную лодку “Растоў-на-Доне” ў часова акупаваным Крыме. Пра гэта паведамляе Генеральны штаб ВСУ ў сацыяльнай сетцы Facebook.

“Сілы абароны Украіны нанеслі ўдары па падводнай лодцы і зенітным ракетным комплексе С-400 ворага ў часова акупаваным Крыме”, – адзначаецца ў паведамленні.

У прыватнасці, паводле пацверджанай інфармацыі, учора падраздзяленнямі ракетных войскаў, ва ўзаемадзеянні з падраздзяленнямі Ваенна-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны істотна пашкоджаны 4 пускавыя ўстаноўкі ЗРК “Трыумф”. Таксама ў порце Севастопаля паспяхова разьбітая падводная лодка чарнаморскага флоту РФ “Растоў-на-Доне”.

“У выніку траплення лодка затанула на месцы”, – адзначаецца ў паведамленні.

Як удакладнілі ў Генштабе, падводная лодка Б-237 “Растоў-на-Доне” з’яўляецца адной з чатырох падводных лодак класа “Kilo”, здольных прымяняць ракеты “Калібр”.

Вядома, што “Растоў-на-Доне” быў уведзены ў эксплуатацыю 26 снежня 2014 года.

Раней, 13 верасня 2023 года ў выніку ўкраінскага ракетнага нападу судна атрымала істотныя пашкоджанні.