898-ы дзень вайны. Мэр расейскага горада Курчатава паведаміў аб баявых дзеяннях паміж украінскім і расейскім войскамі “за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад межаў горада”, дзе размешчана Курская АЭС. Як адзначае агенцыя УНІАН, Курскую АЭС таксама называюць “другім Чарнобылем”, бо яна абсталяваная тымі ж рэактарамі, што і ЧАЭС. Гэтыя рэактары састарэлыя і маюць мноства заганаў. Украінскі бок мае дадзеныя, што Курская АЭС выкарыстоўвалася для захоўвання і абслугоўвання ракет. Тым часам, колькасць загінулых ва ўкраінскай Канстанцінаўцы вырасла да 11 чалавек, яшчэ 37 атрымалі раненні. Папярэдне, расейцы нанеслі ўдар па горадзе ракетай Х-38. Пашкоджаны сама меней чатыры прыватныя дамы, гандлёвы цэнтр, пошта, крамы, аўтамыйня й аўтамабілі. У Харкаве таксама раздаліся выбухі. Мэр Ігар Церахаў паведаміў, што папярэдне, удар прыйшоўся па прыгарадзе.
Беларускае Радыё Рацыя