Украінскага даследчыка і аналітыка, аднаго з арганізатараў беларуска-ўкраінскага форуму Астрожскіх Яраслава Чарнагора ўзнагародзілі медалём «За плённую працу на карысць Беларусі». Рашэнне аб узнагароджанні прыняў Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі.

Кажа Яраслаў Чарнагор:
– Для мяне гэта пацверджанне правільнасці шляху, які я абраў у падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл, з надзеяй, каб гэтая праца на перспектыву магла б змяніць долю Беларусі і павярнуць яе да складу цывілізаваных, дэмакратычных краін Еўропы. Па магчымасці каб паўставала падтрымка беларускіх дэмакратычных сіл з боку украінскага грамадства, дзяржаўных органаў улады і замежных партнёраў.
Са слоў Яраслава Чарнагора, уручэнне медаля «За плённую працу на карысць Беларусі», папярэдне, можа адбыцца 25 сакавіка — у Дзень Волі — падчас Рэгіянальнага форуму бяспекі «Шлях да Волі» ў Кіеве.
Разам з Чарнагорам медалём «За плённую працу на карысць Беларусі» былі ўзнагароджаны таксама сузаснавальнік Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі Русціс Камунтавічус, кіраўнік рэдакцыі па Беларусі анлайн-партала dekoder.org. Інга Пэтца і беларускі журналіст Мікіта Мелказёраў пасмяротна.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота АПК.






