BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Узнагароды Маршалка Падляшша 2024/2025 уручаныя: рэгіён ушанаваў сваіх творцаў

3-га снежня ў Камернай Залі Падляшскай Оперы і Філармоніі адбылося гала-ўручэнне Узнагарод Маршалка Падляшскага ваяводства ў галіне мастацкай творчасці, папулярызацыі і аховы культуры.

Дарадца маршалка Падляшскага ваяводства па справах нацыянальных меншасцей Аляксандр Васылюк падкрэсліў, што гэтыя ўзнагароды маюць асаблівую духоўную і грамадскую вагу:

– Вельмі задаволены, што такая ўзнагарода ўвогуле існуе. Я з’яўляюся лаўрэатам гэтай узнагароды. І некалькі іншых прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў і асоб, якія звязаныя з праваслаўем, былі таксама ўзнагароджаны. І гэта важна, бо мы з’яўляемся важнай частка нашага грамадства.

Сярод лаўрэатаў — ансамбль песні і танца „Małe Podlasie” з Сямятыч, калектыў з амаль 40-гадовай гісторыяй, які выхоўвае маладых танцораў і захоўвае традыцыі рэгіёна. Інструктар ансамбля Каміль Ляшчынскі адзначыў, што гэтае прызнанне важнае для ўсіх пакаленняў, якія прайшлі праз калектыў:

– Атрымалі мы ўзнагароду падляшскага маршалка ў галіне культуры, на ўнёсак павятовага старасты Сямятыч. Выконваем мы народныя танцы, пераважна падляшскага рэгіёна. Не танцуем мы беларускія танцы, хоць калісьці былі і яны ў нашым рэпертуаре.

Прэміі, якія ўжо больш за чвэрць стагоддзя адзначаюць найбольш значных стваральнікаў культурнай прасторы рэгіёна, сёлета атрымалі 15 асоб і калектываў: ад народных майстроў і музыкантаў да тэатральных дзеячаў і аніматараў. Сярод іх і праваслаўны святар і іканапісец айцец Лявонцій Тафілюк.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара i UMWP.