Ва Украіне афіцыйна зарэгістравана грамадскае аб’яднанне “Беларуская грамада Украіны” (украінскай мовай – “Громадська спілка «Білоруська спільнота України»”). Гэта першая на агульнанацыянальным узроўні арганізацыя, што аб’ядноўвае беларусаў, якія пражываюць ва Украіне, з мэтай абароны іх правоў, захавання культурнай ідэнтычнасці.

Кажа кіраўнік новастворанай арганізацыі Аляксей Францкевіч:
– Ва Украіне зарэгістравалі “Громадську спілку «Білоруська спільнота України»”. У яе ўвайшлі арганізацыі, якія зарэгістраваны і працуюць ва Украіне. Будзем далей ездзіць па рэгіёнах і знаходзіць прадстаўнікоў беларускай “спільноты”, каб далучаліся, станавіліся актыўнымі, прымалі ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, каб яны пачыналі распавядаць пра беларускую гісторыю, пра беларускую культуру. Беларусы – гэта другая “нацспільнота” па колькасці тых, хто пражывае на тэрыторыі Украіны. Гэта амаль што 300 тысяч чалавек.
Паводле Статуту “Беларускай грамады Украіны”, сярод асноўных напрамкаў працы – «сацыяльная і юрыдычная падтрымка беларусаў, асветніцкая дзейнасць, арганізацыя культурных імпрэзаў, падтрымка нацыянальных традыцый і мовы, а таксама супрацоўніцтва з украінскімі ўладамі для забеспячэння правоў нацыянальных меншасцяў».
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






